падтрымаць нас

Палітыка

Каго Парашэнка павінен перамагчы ў Данбасе

Каго Парашэнка павінен перамагчы ў Данбасе
Крызіс у Данбасе гэта не вынік страты кантролю Ахметавым над рэгіёнам, але наступства ягонага валадарання на працягу дзесяцігоддзяў.

Усход Украіны доўгі час быў месцам, падкантрольным алігархам, а з пачаткам крызісу тут разгарнулася ледзь ці не вайна паміж сферамі іх уплыву. У першай фазе канфлікту самы багаты алігарх Рынат Ахметаў ніяк не рэагаваў на падзеі, што імкліва разгортваліся на тэрыторыі Данбасу. Гэта наводзіць на думку, што такі расклад быў на руку алігарху. Такое меркаванне нядаўна падмацаваў самаабвешчаны “народны губернатар” ДНР, які абвесціў, што большая частка сепаратыстаў брала грошы ў Ахметава.

Ахметаў зарабіў мільярды на металургічнай вытворчасці, вуглі і электраэнергіі, пры гэтым ён заўсёды быў галоўным спонсарам Януковіча і “Партыі рэгіёнаў”. Януковіч, у сваю чаргу, даваў прэферэнцыі ды ільготы для развіцця і ўмацавання бізнесу алігарха.

Капітал Ахметава з моманту прыходу Януковіча да ўлады ў 2010 годзе вырас у некалькі разоў. Згодна з Forbes, у 2009 годзе ён складаў $ 1,8 млрд, а ў 2011 ‑ $ 16 млрд. Цяпер сусветны эканамічны часопіс называе лічбу $ 11,2 млрд. System Capital Management, фінансава-прамысловая група Ахметава, з’яўляецца самай вялікай ва Украіне і кантралюе больш за 90 прадпрыемстваў, якія працаўладкоўваюць 160 тысячаў чалавек.

Рэвалюцыя, якая пачалася з Кіева і зрынула з прэзідэнцкага крэсла хаўрусніка Ахметава, прымусіла задумацца пра далейшы лёс капіталу. Не да канца сфармаваная ўлада і анексія Крыму навялі алігарха на думку аб магчымасці скарыстацца прарасейскімі настроямі Данецка, каб пашырыць сваю ўладу.

У гандлі з Кіевам яму спатрэбіліся моцныя козыры, адным з іх стала федэралізацыя. Цішком Ахметаў пачаў разыгрываць тэму федэралізацыі рэгіёну, дамагаючыся ад Кіева недатыкальнасці і ільготаў для свайго бізнесу. Таму цалкам верагодна, што ім і было спланаванае стварэнне ДНР, як карыснай фікцыі.

Але падзеі пачалі развівацца не па плане Ахметава. Акрамя яго марыянетачных сепаратыстаў з’явіліся ідэйныя рускія на чале з рэканструктарам Стралковым і казакамі. Яны аказаліся цяжкападпарадкавальнымі, а дзеянні іх непрадказальнымі.

Сваймі апошнімі выступамі з пасылам, што Данбасу не трэба ў Расею, а неабходная моцная федэралізацыя ў межах адзінай краіны, Ахметаў толькі ўзмацніў агрэсіўнае стаўленне да сваёй персоны на ўсходзе. Цяпер ён вымушаны хавацца ад сваіх жа былых памагатых у Кіеве.

Сітуацыю ўскладняе яшчэ тое, што ў Ахметава ёсць канкурэнт па тэрыторыі ўплыву ‑ Ігар Каламойскі. Кажуць, што менавіта Каламойскі стаў прататыпам паняцця “жыдабандэравец”. Яму належаць заводы па вытворчасці ферасплаваў, якія, дарэчы, патрэбныя для выплаўкі сталі Ахметава. Аднак пасля пачатку крызісу Каламойскі падняў цэны на ферасплавы для ўнутранага рынку і асноўную долю прадукцыі прадае на экспарт.

Структуры Ахметава ўвесь час абвінавачвалі Каламойскага ў тым, што той “душыць” айчынных металургаў цэнамі на ферасплавы. У сваю чаргу Каламойскі ўкідваў інфармацыю аб тым, як Ахметаў прыцясняе яго высокімі коштамі на электраэнергію. Такая гандлёва-інфармацыйная вайна двух алігархаў працягвалася не адзін год.

Да таго ж алігархі займаюць розныя бакі ў супрацьстаянні. Каламойскі ад самага пачатку быў на баку самаабароны і асабіста праспансаваў стварэнне спецбатальёну “Днепр” у Днепрапятроўску, а таксама спецбатальёну “Азов”, які кантралюе міністр унутраных спраў Украіны Авакаў.

У мэтах Каламойскага перашкодзіць дыялогу Кіева з Ахметавым, які імкнецца ўседзець на двух крэслах. З аднаго боку, калі Ахметаў прыме бок сепаратыстаў, ён сутыкнецца з санкцыямі і страціць там уласны бізнес. Калі ж бізнесовец адназначна прыме бок Кіева, ён рызыкуе згубіць падтрымку на ўсходзе Украіны і сутыкнуцца з незадавальненнем Расеі. Бізнес-інтарэсы змушаюць Ахметава захоўваць эластычнасць.

Тое, як будуць развівацца падзеі на ўсходзе, цяпер шмат у чым залежыць ад новаабранага прэзідэнта. У сённяшніх абставінах Парашэнка вымушаны шукаць дыялогу з Ахметавым. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве варта ўсведамляць, што Ахметаў гэта праблема Данбасу, а не вырашэнне.