• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Беларусь паміж МВФ і ЕФСР: дзе лепш пазычаць?

    Чаго патрабуюць Міжнародны валютны фонд і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ад Беларусі і чаму крэдыторы думаюць так доўга.

    Некалькі дзён таму беларускія ўлады заявілі пра тое, што расійскае кіраўніцтва паспрыяе выдзяленню дзяржаве фінансавых сродкаў за пасярэдніцтвам Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР). Планавалася, што пытанне па новым крэдыце для Беларусі будзе разгледжанае яшчэ ў першай дэкадзе снежня. Афіцыйны Мінск зменшыў сваё запатрабаванне з $ 3 да $ 2 млрд, але станоўчага адказу ад Еўразійскага фонда стабілізацыі і развіцця, сродкамі якога распараджаецца ЕАБР, дагэтуль не атрымаў.

    Актыўныя перамовы з ЕФСР беларускія ўлады вядуць з вясны мінулага года. Прыкладна ў той жа час Міністэрства фінансаў Беларусі звярнулася з просьбай аб дапамозе да Міжнароднага валютнага фонда. Перамовы вяліся пра крэдыт памерам у $ 3 млрд пад 2,28 % і з тэрмінам пагашэння цягам 10 гадоў. Абмеркаванне магчымасці крэдыту для Беларусі працягваецца да гэтага часу, але з меншай актыўнасцю. МВФ, як і ЕФСР, сцвярджае, што рэалізацыя крэдытнай праграмы магчымая і можа пачацца неўзабаве, але для атрымання першага траншу Мінску неабходна пачаць выконваць адпаведныя патрабаванні.

    Мінулыя правалы

    Ранейшую супрацу ЕФСР і МВФ з уладамі Беларусі нельга назваць паспяховай. У справаздачах і прэс-рэлізах папярэдніх крэдытных праграмаў Міністэрства фінансаў падкрэслівала, што ўсе запазычанасці выплачваюцца без спазненняў.

    Значна менш афішаваўся той факт, што Мінск не выканаў асноўных патрабаванняў крэдытораў.

    МВФ у пасляпраграмных маніторынгах пагаднення стэнд-бай 2009-2010 гг. быў незадаволены адсутнасцю рэформаў, якія абяцаў беларускі бок. Між іншым гаворка вялася пра лібералізацыю цэнаў, прыватызацыю, а таксама перагляд і змену структуры дзяржаўных выдаткаў. З той жа нагоды ЕФСР адмовіўся пералічыць Беларусі апошні транш стабілізацыйнага крэдыту праграмы 2011-2013 гг. Як зазначылі эксперты фонда, дзяржава выдаткавала сродкі на штучнае стымуляванне эканомікі, у прыватнасці на ільготныя крэдыты для прадпрыемстваў і павышэнне заробкаў, замест правядзення і паглыблення заяўленых рэформаў.

    Адметнасцю цяперашніх перамоваў зʼяўляецца тое, што ўдзел у іх першапачатковым этапе прымала яшчэ адна міжнародная фінансавая арганізацыя – летась у траўні Сусветны банк дапамог Міністэрству фінансаў і Нацыянальнаму банку Беларусі распрацаваць дарожную карту рэформаў.

    Новыя старыя патрабаванні

    МВФ і ЕФСР як і раней маюць да Беларусі вельмі падобныя патрабаванні. Узгаданая дарожная карта павандравала да аналітыкаў МВФ у Вашынгтон і ў якасці матрыцы неабходных захадаў трапіла да экспертаў ЕФСР у Алма-Аты. Змест дакументу ў выглядзе шасці асноўных пунктаў быў прадстаўлены на апошнім Кастрычніцкім эканамічным форуме ў Мінску і на дадзены момант нідзе афіцыйна не публікаваўся.

    З прэзентацыі намесніка міністра эканомікі Аляксандра Забароўскага вынікае, што ўлады Беларусі абавязаліся комплексна выканаць тое, што абяцалі сваім крэдыторам у папярэднія гады. Падкрэсліць можна мацнейшы націск на рэформу аплаты камунальных паслуг і паслуг грамадскага транспарту, а таксама неабходнасць развіцця сацыяльнай падтрымкі для беспрацоўных. Першае можна аднесці да вырашэння праблемы дзяржаўных субсідыяў і лібералізацыі цэнаў, другое – да неабходнасці правядзення рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і скарачэння іх дзяржаўнай падтрымкі.

    Тры крокі, на якія павінны адважыцца ўлады Беларусі

    Прадстаўлены ў дарожнай карце план далейшага развіцця беларускай эканомікі дасканала дапасоўваецца да парадаў, якія МВФ апублікаваў у сваёй апошняй справаздачы па краіне. Тое ж у адносінах да заўваг ЕФСР пацвердзіў кіраўнік фонда Дзмітрый Панкін напрыканцы кастрычніка падчас канферэнцыі, прысвечанай еўразійскай інтэграцыі ў Маскве.

    Эксперты абедзвюх арганізацыяў не бачаць супярэчнасцяў паміж сваімі патрабаваннямі і зместам дарожнай карты.

    Але адмыслоўцы зазначаюць, што ўсе змены мусяць адбывацца мэтанакіравана, інтэгральна і ў максімальна кароткі час.

    Дакладна акрэсліць мэту

    За апошнія гады Беларусь назапасіла вялікі вонкавы доўг, бо мела хранічны дэфіцыт бягучага рахунка плацёжнага балансу. Дзяржаве пачало не хапаць грошай на выкананне сваіх унутраных забавязанняў – падтрымкі неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў і сацыяльных праграм. Адзіным вырашэннем гэтай праблемы зʼяўляецца змена эканамічнай мадэлі краіны, а менавіта згортванне ўзгаданых праграм і падвышэнне ролі прыватнага сектара ў эканоміцы.

    Найбольш прамым рухам у гэтым кірунку зʼяўляецца трэці пункт дарожнай карты, які прапаноўвае пераход да так званага “індыкатыўнага планавання”. Адпаведны праект закона быў падрыхтаваны ўладамі напрыканцы мінулага года. Паводле дакумента, дзяржаўныя планы і прагнозы мусяць зрабіцца пэўнымі арыенцірамі ды індыкатарамі развіцця, а не быць яго асноўнай мэтай. Прыняцце законапраекта істотна прыблізіць Беларусь да атрымання міжнародных крэдытаў кожнага з фондаў і значна паспрыяе рацыяналізацыі бюджэтных выдаткаў у доўгатэрміновай перспектыве. На жаль, далейшых крокаў у гэтым кірунку ў дадзены момант не робіцца.

    Комплексны падыход

    З меншым энтузіязмам прыходзіцца казаць пра інтэгральнасць запланаваных змен. Асноўнай праблемай цяперашняга стану беларускай эканомікі зʼяўляецца вялікі дысбаланс паміж фінансавым і рэальным сектарамі эканомікі.

    Дзякуючы сціслай грашова-крэдытнай палітыцы, якую Нацыянальны банк рэалізуе з пачатку 2015-га года, удалося прыпыніць інфляцыю і адносна стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку. У сваю чаргу дзяржаўнае кіраўніцтва не зрабіла істотных крокаў у бок вырашэння праблем з неэфектыўнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі і прыватызацыяй.

    Гэтым тэмам удзяляецца менш увагі, чым, напрыклад, рэформе цэн камунальных паслуг, хоць яны зʼяўляюцца больш істотнымі і складанымі для вырашэння.

    Не адкладаць на потым

    ЕФСР адводзіць Беларусі два гады на рэалізацыю рэформаў. МВФ лічыць, што на правядзенне неабходных эканамічных змен хопіць 18 месяцаў. Дарожная карта ў сваю чаргу прапаноўвае тэрмін ад трох да пяці гадоў. Комплексная і мэтанакіраваная рэалізацыя кожнага з пунктаў плана падаецца рэальнай цягам прапанаванага фондамі часу. Прыкладна столькі ж для асноўных змен спатрэбілася Сербіі, якая пачынала свае рэформы ў 2001-ым і асноўную прыватызацыю правяла за год.

    Кароткі час, апрача таго, што будзе падштурхоўваць да практычнага і рэальнага выканання рэформаў, зʼяўляецца пэўнай гарантыяй таго, што ўлады Беларусі выканаюць свае абавязкі – спрацуе прынцып абумоўленага фінансавання.

    Найлепшым рашэннем з эканамічнага пункту погляду падаецца ўзгадненне праграмы з абедзвюма арганізацыямі і фінансаванне беларускіх рэформаў іх грашыма.

    Пры выкананні ўсіх патрабаванняў дадаткова можна было б разлічваць на дапамогу Сусветнага банка. Але для гэтага ўладам трэба пагадзіцца на змены.

    ПаказацьСхаваць каментары